Рус Бел

Вызваленне для дыспансерызацыі: як атрымаць?

28 февраля 2024
Вызваленне для дыспансерызацыі: як атрымаць?

З 1 студзеня 2024 года ўступілі ў сілу змяненні ў Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь, якія закранулі шэраг сацыяльна-працоўных гарантый для работнікаў. У прыватнасці, замацавана гарантыя ў выглядзе вызвалення работніка ад працы на працоўны дзень з захаваннем за ім месца працы і сярэдняга заробку пры праходжанні дыспансерызацыі. Як рэалізаваць гэтае права, тлумачыць старшыня суда Бераставіцкага раёна Жанна Шынкавіч.

- У адпаведнасці з артыкулам 103-1 Працоўнага кодэкса работнікі пры праходжанні дыспансерызацыі маюць права на вызваленне ад працы на адзін працоўны дзень адзін раз у тры гады з захаваннем за імі месца працы, пасады служачага (прафесіі рабочага) і сярэдняга заробку па месцы працы, - расказала Жанна Шынкавіч.- Пры гэтым работнікі, якія дасягнулі ўзросту сарака гадоў, але не дасягнулі агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту і на працягу пяці гадоў да дасягнення такога ўзросту пры праходжанні дыспансерызацыі маюць права на вызваленне ад працы на адзін працоўны дзень адзін раз у год, а дасягнулыя агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту, а таксама на працягу пяці гадоў да дасягнення такога ўзросту пры праходжанні дыспансерызацыі маюць права на вызваленне ад працы на два працоўныя дні адзін раз у год.

Жанна Шынковіч таксама падкрэсліла, што дыспансерызацыя - гэта комплекс медыцынскіх паслуг, якія аказваюцца ў мэтах правядзення медыцынскай прафілактыкі, і не з'яўляецца медаглядам, які праводзіцца ў адпаведнасці з Інструкцыяй аб парадку правядзення медаглядаў.

Для атрымання вызвалення ад працы ў сувязі з дыспансерызацыяй работніку трэба падаць наймальніку заяву і ўзгадніць дзень вызвалення ад працы.

Пасля праходжання дыспансерызацыі работнік абавязаны прадаставіць наймальніку дакумент, які пацвярджае праходжанне ім дыспансерызацыі толькі ў тым, калі ў лакальна-прававых актах будзе замацаваны такі абавязак работніка.

Ірына Міклаш

Бераставіцкая газета

Фота аўтара